
Play all audios:
Папа зноў выказаўся супраць смяротнага пакарання, назваўшы яго замахам на годнасць чалавека. Ён заклікаў да адмены гэтай меры ва ўсіх краінах свету. АЛЯКСАНДР АМЯЛЬЧЭНЯ - VATICAN NEWS У
сваім звароце, апублікаваным на афіцыйным акаўнце @Pontifex у сацыяльнай сетцы _X_ на дзевяці мовах, Папа падкрэсліў недапушчальнасць смяротнага пакарання. Ён нагадаў, што кожны чалавек мае
права на жыццё і магчымасць змяніцца да апошняй хвіліны свайго існавання. Гэта пазіцыя адлюстроўвае паслядоўную палітыку Святога Пасада ў дачыненні да смяротнага пакарання. З пачатку свайго
пантыфікату Францішак неаднаразова выказваўся супраць практыкі пазбаўлення жыцця як формы пакарання. Нягледзячы на заклікі Пантыфіка, статыстыка выканання смяротных прысудаў у свеце
застаецца трывожнай. У 2023 годзе была зафіксавана найбольшая іх колькасць за апошнія дзесяць гадоў. Лідарамі сталі Іран, Саудаўская Аравія, Ірак і Пакістан. Аднак ёсць і пазітыўная
тэндэнцыя: колькасць краін, якія практыкуюць смяротнае пакаранне, скарацілася да 16, што з'яўляецца найніжэйшым паказчыкам за ўсю гісторыю назіранняў. У 2018 годзе Францішак унёс змены
ў Катэхізіс, якія адлюстроўваюць сучасную пазіцыю Каталіцкага Касцёла па гэтым пытанні. Цяпер у дакуменце гаворыцца: "Касцёл у святле Евангелля вучыць, што смяротнае пакаранне
недапушчальнае, паколькі з'яўляецца замахам на непарушнасць і годнасць асобы, і з рашучасцю выступае за яго адмену ва ўсім свеце". Папа працягвае сваю паслядоўную барацьбу за
абарону годнасці і права на жыццё кожнага чалавека, нават тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы. Такая пазіцыя адлюстроўвае глыбокую веру ў магчымасць чалавечага навяртання і змены, а таксама
ў неабходнасць будаваць больш міласэрнае і справядлівае грамадства.