
Play all audios:
1 * 30.01.2021, 15:32 * 11,507__ Андрэй Хадановіч прачытаў у Польшчы свае новыя вершы і пераклады. Паэт і перакладчык АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ цяпер на трохтыднёвай творчай стыпэндыі ў Міжнародным
цэнтры дыялёгу ў Краснагрудзе ў Польшчы, блізка польска-літоўскай мяжы. Падчас размовы зь ЯНАМ МАКСІМЮКОМ ён прачытаў свае новыя вершы і пераклады, перадае «Радыё Свабода». «Стыпэндыя, на
якой я цяпер, прызначаная адмыслова для беларускіх літаратараў, каб яны маглі крыху адпачыць у Краснагрудзе і прысьвяціць сябе выключна літаратурным справам. Я другі бэнэфіцыяр, першай
стыпэндыяткай напрыканцы мінулага году была Ганна Янкута. Сёньня нельга цалкам ізалявацца ад сьвету, нават у Краснагрудзе. Праз ZOOM я праводзіў майстар-клясы з маладымі літаратарамі ў
Менску, чытаў лекцыю для маладых музыкаў, вёў унівэрсытэцкія заняткі і нават прымаў іспыты. Але ў Краснагрудзе я ўсё-ткі жыву паводле іншага календара і працоўнага часу, чым у Менску.
Бывала, заседжваўся да 3-й гадзіны ночы. У Краснагрудзе я разьбіраў з маладымі літаратарамі свой пераклад «каляднага верша» Іосіфа Бродзкага, які зрабіў за некалькі дзён да стыпэндыі.
Пераклаў апошні верш УЛАДЗІМІРА ВЫСОЦКАГА. Магчыма, з маіх перакладаў Высоцкага ў будучыні зьбярэцца маленькая анталёгія. Анталёгія сучаснай беларускай літаратуры «Wschód wolności», якая
нядаўна выйшла ў Польшчы, гэта насамрэч суб’ектыўны зборнік, у якім адбіўся густ перш за ўсё дваіх перакладчыкаў — БОГДАНА ЗАДУРЫ і МАЛГАЖАТЫ БУХАЛІК. Расейскамоўны паэт ДЗЬМІТРЫ СТРОЦАЎ,
які трапіў у польскую анталёгію, трапіў туды абсалютна справядліва. Ён — беларускі паэт. Я рыхтую беларускія пераклады для заплянаванай кнігі Дзьмітрыя Строцава. На стыпэндыі мне напісаўся
верш пра «дыялёг двух Мілашаў», які пачынаецца радком «У Чарэі вечарэе», — распавёў Андрэй Хадановіч. УЛАДЗІМІР ВЫСОЦКІ Ў ПЕРАКЛАДЗЕ АНДРЭЯ ХАДАНОВІЧА: *** Уверсе й долу – лёд: паміж гібею.
Праб’юся ўгору? Прасьвідрую ніз? Найлепш — наверх, каб не згубіць надзею, А там — да справаў, у чаканьні віз. Лёд нада мною, надламіся, трэсьні! Я ў поце, як руплівец на жніве… К табе
вярнуся караблямі зь песьні, І кожны верш забыты ажыве. Жыву менш за паўвека — сорак зь нечым, — Сагрэты Збаўцам і цяплом тваім. Мне ёсьць што сьпець, устаўшы перад Вечным, Мне ёсьць чым
апраўдацца перад Ім. 11 чэрвеня 1980 ДЗЬМІТРЫ СТРОЦАЎ У ПЕРАКЛАДЗЕ АНДРЭЯ ХАДАНОВІЧА: * беларусь перакуленая прабеглым узводам па зямлі расьцякаецца кроў 24.09.2020 * пчолы ўпэўненыя казаў
Талстой што яны для сябе зьбіраюць мёд а насамрэч яны апыляюць сад беларусы думаюць кажа Хрыстос што яны зьбіраюць свой край а насамрэч сабой загойваюць сьвет 13.11.2020 НОВЫЯ ВЕРШЫ АНДРЭЯ
ХАДАНОВІЧА: * У Чарэі вечарэе, ноч над Сэйнамі ўстае. Вершы Мілашаў Андрэю будуць сьніцца, як свае. Над Царквою Белай ветах стаў, як вартавы ўначы. Ходзяць вершы па сусьветах і сьпяваюць,
ідучы. Проста з возера сузор’і ў два каўшы пілі сьвятло. Памянялася надвор’е — і сузор’і замяло. Кніга сьнегу — і заечы сьлед, як дарчы надпіс там. Дзяцел трохі недарэчы грукае анапэстам. Не
пытайся, дзе і хто ты, бо ў нябёсах не да нас: проста ў белыя сумёты зь неба выпадае час. Помніш, у Гародні — льдзіны? Пачынаўся крыгаход… Напісаў за паўгадзіны, а мінула дваццаць год.
Глуха, людзі, ў Краснагрудзе, і ў Чарэі ні душы. Іншых Мілашаў ня будзе, прачынайся — і пішы. 19.01.2021, Краснагруда * Памяць блытае сьцежкі, вабіць на тонкі лёд. Лепіць з аблокаў сьнежкі,
цэлячы ў твой самалёт. Дражніць. Драпае. Глючыць. Кашляе давідна. — Больш ня будзе балюча? — Будзе, — кажа яна. З намі ў кожным дакоры — імі паўзьверх турмы дыхаюць на ўсе зоры поўныя грудзі
зімы. З намі ў бальнічных чэргах. З роднымі лічыць дні. Вучыць на саўндчэках крыку і цішыні. Мае ключы й паролі. Сьмерць абжывае ў сьне. – Мы не памрэм? Ніколі? Абяцае, што не. 21.01.2021,
Краснагруда * Калі дажывем да адлігі і трапіць шампанскае ў кадр, — чытаць будзем лепшыя кнігі, хадзіць у сапраўдны тэатр. Загояцца шнары і раны, закончацца ганьба і трэш. Расхлёбвае кашу
абраны — той/тая, каго абярэш. Мільгне навіна-бліскавіца: за ўсё атрымаў ліхадзей. І едуць турысты дзівіцца на неверагодных людзей. Выгнанцы — адкрыта мяжа ім! — вяртаюцца валам сюды. І самі
сябе паважаем, бо выстаялі ў халады. Зноў бачыць фэміда сьляпая, праслаўлены кожны герой. …Ды ўсё-ткі чагось не хапае, па чымсьці сумуем парой. Даўно прышчапілі заразу, ня чуем гранатаў і
куль. …Схаваўшы нянавісьць пакуль ля сэрца, да іншага разу. 23.01.2021, Краснагруда PATREON Поддержите сайт Подписывайтесь на канал ТАКЖЕ СЛЕДИТЕ ЗА АККАУНТАМИ CHARTER97.ORG В СОЦИАЛЬНЫХ
СЕТЯХ