
Play all audios:
Францішак спадзяецца, што хрысціянскі народ “пражыве Святы Год ва ўсім яго душпастырскім багацці”. Ён напісаў ліст да арцыбіскупа Рына Фізікелы, дыкастэрыя якога адказвае за арганізацыю
Юбілею 2025 года. АЛЯКСАНДР АМЯЛЬЧЭНЯ - VATICAN NEWS Папа лічыць, што “знакавым этапам” для Касцёла стаў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які прайшоў некалькі гадоў таму і “дазволіў адкрыць
усю моц і пяшчоту міласэрнай любові Айца”. У апошнія два гады не было краіны, якую б не закранула нечаканая пандэмія, якая не толькі прынесла драму смерці ў адзіноце і няўпэўненасць, але і
змяніла вобраз жыцця, - адзначыў Папа. “Мы цалкам упэўнены, што эпідэмію можна пераадолець, і свет зможа знайсці свой уласны рытм асабістых адносін і грамадскага жыцця. Гэта будзе значна
лягчэй рэалізаваць, калі мы станем дзейнічаць у шчырай салідарнасці, каб бедныя не заставаліся без увагі, каб адкрыццямі навукі і неабходнымі лекамі можна было падзяліцца з кожным”, -
напісаў ён. Францішак перакананы, што “надыходзячы Юбілей будзе вельмі карысным для аднаўлення атмасферы надзеі і даверу”. З гэтым звязаны і абраны ім дэвіз Святога Года: _Пілігрымы надзеі_.
“Няхай гучаць галасы бедных у гэты час падрыхтоўкі да Юбілею, які, паводле біблейскай запаведзі, вяртае кожнаму доступ да пладоў зямлі”, - патлумачыў ён свой выбар. У гэты адмысловы час
ласкі Францішак заклікаў сузіраць прыгажосць стварэння і клапаціцца пра наш агульны дом, паколькі кожны чалавек – гэта пілігрым на зямлі, якую Бог паставіў нас апрацоўваць і ахоўваць. Святы
Айцец даручыў старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі “знайсці адпаведныя формы, каб Святы Год быў падрыхтаваны і адзначаны з моцнай верай, жывой надзеяй і актыўнай любоўю”. Ён
анансаваў сваю булу, у якой змесціць “неабходныя рэкамендацыі па святкаванні Юбілею 2025 года” і агучыў рашэнне: прысвяціць 2024 год, які будзе папярэднічаць юбілейнай падзеі, “вялікай
малітоўнай “сімфоніі”. Ён, паводле ідэі Францішка, павінен стаць “напружаным годам малітвы, калі сэрцы адкрыюцца, каб атрымаць мноства ласкаў, калі _Ойча наш_, малітва, якой навучыў нас
Езус, стане праграмай жыцця для кожнага з Яго вучняў”. Завяршаючы свой ліст, апублікаваны ў Ватыкане 11 лютага 2022 года, Пантыфік папрасіў Панну Марыю суправаджаць Касцёл на шляху
падрыхтоўкі да Юбілею.